Часовая экспазіцыя «Чырвонка ў тыле ворага»


21 красавіка 2021 г. у 11.00 у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыецца часовая экспазіцыя «Чырвонка ў тыле ворага». Яна прымеркавана да 100-годдзя «Чырвонай змены» – адной са старэйшых беларускіх газет, якая вядзе летапіс жыцця беларускай моладзі.

«Чырвоная змена» мае сваю слаўную гісторыю. Як у мірны час, так і ў гады вайны газета заўседы заставалася разам з моладдзю. «Чырвонка» – так ласкава называлі газету супрацоўнікі рэдакцыі, а таксама яе шматлікія чытачы, юнакі і дзяўчаты.

Перыяд выдання «Чырвонкі» ў тыле ворага быў трывожным, але яркім часам. Першы такі нумар убачыў свет 31 студзеня 1943 г. у зоне дзеяння партызан Мінскага злучэння. Газета з’яўлялася друкаваным органам Цэнтральнага Камітэта і Мінскага падпольнага абкама камсамола. Рэдактарам газеты стаў вопытны журналіст Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў, які адначасова рэдагаваў рэспубліканскую газету «Звязда». Гэта быў адзіны выпадак у гісторыі друку перыяда Вялікай Айчыннай вайны, калі рэдактар адказваў за выпуск адразу дзвюх падпольных рэспубліканскіх газет. Супрацоўнікі рэдакцыі на чале з М.П. Барашкавым рыхтавалі матэрыялы, набіралі і друкавалі газету ў складаных умовах, нават падчас рэгулярных варожых блакад.

«Чырвонка» выступала баявым арганізатарам беларускай моладзі ў тыле ворага. Яна заклікала юнакоў і дзяўчат у рады народных мсціўцаў, уздымала моладзь на барацьбу з ворагам, расказвала пра баявыя аперацыі камсамольскіх атрадаў, усяляла бадзёрасць і ўпэўненасць у перамозе. Свае творы ў газету дасылалі беларускія паэты і пісьменнікі.

Падпольная «Чырвонка» хутка стала папулярнай і любімай газетай моладзі ў тыле ворага. Яна распаўсюджвалася па ўсіх кутках акупіраванай Беларусі. Газету перадавалі з рук у рукі, зачытвалі да дзірак. Усяго ў тыле ворага было надрукавана 42 нумары «Чырвонкі», кожны з якіх быў магутным ударам па ворагу.

Аснову экспазіцыі склалі арыгінальныя нумары «Чырвонай змены» за 1943 – 1944 гады з фондаў музея. Дакументы, фотаздымкі, малюнкі даюць магчымасць прасачыць працэс стварэння газеты, даведацца пра лёс яе супрацоўнікаў. Наведвальнікі выставы таксама ўбачаць сцяг «Чырвонай змены» і іншыя матэрыялы, прадастаўленыя рэдакцыяй газеты «Звязда».

Часовая экспазіцыя будзе працаваць з 21 красавіка па 21 мая 2021 г.

Куратар экспазіцыі М.В. Гарэлікава (203-17-11)

534