Установа «Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны»

Музей гасцінна расчыняе свае дзверы для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Гэта найбуйнейшае нацыянальнае сховішча матэрыяльных і духоўных помнікаў ваеннай гісторыі.

Народжаны сярод руінаў і попелу ў толькі што вызваленым Мінску ў кастрычніку 1944 г., на працягу ўсёй сваёй гісторыі музей выконвае высокую місію па захаванні і ўвекавечанні памяці Вялікай Перамогі над фашызмам.

Велічны будынак узведзены ў знакавым месцы беларускай сталіцы — побач са стэлай «Мінск — горад-герой» і ўваходзіць у склад музейна-паркавага комплексу «Перамога».

Архітэктура будынка ўражвае маштабам і сімзалізмам, у ім гарманічна спалучыліся манументальнасць і сучасныя тэхналогіі. Нестандартныя прасторава-архітэктурныя прыёмы і мастацкія рашэнні выклікаюць у наведвальніка адчуванне найвялікшай трагедыі і аданачасова — мужнасці і подзвігу.

Плошча 10 экспазіцыйных залаў складае 4200 кв.м, дзе прадстаўлена звыш 8 тыс. экспазіцыйных матэрыялаў. Фонды музея складаюцца з 30 калекцый і налічваюць звыш 155 тыс. адзінак захоўвання: фатаграфіі, дакументы, лісты і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Музей з’яўляецца самым наведвальным у Беларусі. Ён быў і застаецца месцам жывой народнай памяці.

Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Мінска па адрасе — пр. Пераможцаў, 8.
Праезд аўтобусамі: № 1, 29, 44, 69, 73, 91, 136, 163 — да прыпынка «Музей Вялікай Айчыннай вайны».

На тэрыторыі музея ёсць паркоўка.